ВАСІ́ЛЬ ІВА́НАВІЧ ШУ́ЙСКІ
(1522—12.9.1612),
рускі цар [1606—10]. З удзельных ніжагародска-суздальскіх князёў. Выбраны царом на Земскім саборы (19.5.1606) пасля забойства Лжэдзмітрыя І (гл. Ілжэдзмітрый І). Узмацніў прыгонніцтва, вызначыў тэрмін для пошуку беглых сялян — 15 гадоў, што паспрыяла задушэнню Балотнікава паўстання 1606—07. Для барацьбы з Ілжэдзмітрыем II і інтэрвенцыяй Рэчы Паспалітай заключыў саюз са швед. каралём Карлам IX (1609), якому аддаў г. Карэла (Кексгольм) з паветам. 24.6.1610 пацярпеў паражэнне ад войск польск. караля і вял. князя літ. Жыгімонта II Вазы. Палітыка Васіля Іванавіча Шуйскага выклікала незадаволенасць насельніцтва. 17.7.1610, напярэдадні ўступлення ў Маскву войск Рэчы Паспалітай, часткай баярства, сталічнага і правінцыяльнага дваранства скінуты з прастола і пастрыжаны ў манахі. Памёр у польск. палоне.
т. 4, с. 26
Беларуская Энцыклапедыя (1996—2004, правапіс да 2008 г., часткова)